Settings, Log in
Хартыя сеткі "За сьвет без аўтамабіляў"

Пададзены ніжэй тэкст перакладзены мной з ангельскай пры дапамозе яшчэ аднаго таварыша. Арыгінал вісіць на сайце www.worldcarfree.net Публікую тэкст у т.л. дзеля таго, каб паставіць пытаньне стварэньня беларускага аддзяленьня World CarFree Net. Асабліва гэта стасуецца актывістаў Крытычнай масы.

Надзвычайныя выдаткі аўтамабільнай залежнасьці

Залежнасьць ад аўтамабіляў прывяла да глябальнага распаўсюду стылю жыцьця, зруйнавальнага для прыроднага асяроддзя і грамадзтва. У 1950 годзе ў сьвеце было 70 міліёнаў легкавікоў, грузавікоў і аўтобусаў. Да 1994 года іх лік павялічыўся ў 9 разоў, да 630 міліёнаў - з 1970 ён штогод узрастаў на 16 міліёнаў аўтамабіляў. Калі гэткі рост працягнецца, да 2025 году па дарогах сьвету будзе езьдзіць больш за 1 міліярд матарызаваных сродкаў перасоўваньня. [1] Яны спажываюць 37 міліёнаў барэляў нафты ў дзень, што складае палову сусьветнага спажываньня нафты [2]. Таксама яны адказныя за амаль палову забруджваньня атмасфэры і прынамсі траціну нашых выкідаў газаў, што выклікаюць парніковы эфэкт [3].

Аўтамабілі - нават званыя "чыстымі", "зялёнымі" ці як інакш - сталі адной з галоўных прычынаў траўматызму і сьмерцяў амаль у кожнай краіне. Аўтамабільны рух забівае ўчацьвёра болей людзей, чым войны - 1,26 міліёнаў чалавек у год [4]. Больш за 3.000 чалавек гіне на дарогах сьвету штодня, ня ўлічваючы ахвяраў астмы, раку, лейкеміі й хваробаў лёгкіх. Калі сюды дадаць 10-15 міліёнаў людзей, якія былі параненыя ці сталі інвалідамі, штогод [5], разам са сьмерцямі й траўмамі ў жывёлаў, то сытуацыя выглядае сапраўды катастрафічна.

Аўтамабілі ня толькі зьяўляюцца прычынай гэтых трагедыяў, да таго ж яны перакройваюць і дэфармуюць нашае гарадзкое асяроддзе. Яны замяняюць жывыя, прыемныя, пешаходныя, прыстасаваныя для чалавека раёны на рэдка заселеныя асяроддзі, што імкліва распаўзаюцца ў шырыню, бо спраектаваныя дзеля таго, каб дабрацца куды-кольвечы як мага хутчэй. З шырокімі вуліцамі, аддадзенымі аўтамабільнаму руху, і бясконцымі прасторамі асфальту, аддадзенымі пад паркоўку, нашыя штодзённыя пункты прызначэньня ўсё больш аддаляюцца, і становяцца недасягальнымі для нашых ног. Прастора для сацыяльнага ўзаемадзеяньня і культурных абменаў разрэджваецца і рассейваецца - гэта падаўляе нефармальныя сацыяльныя кантакты, якія зьвязваюць грамадзтвы. Жыцьцё заганяюць у памяшканьні, падзяляюць і рассоўваюць па адсеках.

Залежнасьць нашага грамадзтва ад дарагой, заснаванай на несправядлівасьці тэхналёгіі - найбольш рэсурсапаглынальнага сродку перамяшчэньня, што быў калі-небудзь вынайдзены - дасягнула поўнае манаполіі ў пераважнай частцы індустрыялізаванага сьвету. Гэтая аўтамабільна-аўтадарожна-нафтавая сыстэма пазбаўляе свабоднага перамяшчэньня дзяцей, старых, бедных ды людзей з фізычнымі абмежаваньнямі. Грамадзкі транспарт, ровар і пешаходная інфраструктура згортваецца як "маральна састарэлая". Нашае фізычнае і псыхічнае здароўе пагаршаецца, а ровень фізычнае актыўнасьці падае, што спрыяе глябальнай эпідэміі затлусьценьня. Прымаючы аўтамабіль з усімі выдаткамі, нашае грамадзтва стварае урбанізаваную пустэчу, якая замяняе сэнс месца і супольнасьці на ізаляцыяй і адчуджэньнем.

Безаўтамабільныя супольнасьці дзеля будучыні

Калі аўтамабіль адказны за гэткае негатыўнае ўзьдзеяньне на чалавецтва і прыроду, то безаўтамабільныя супольнасьці ёсьць лягічным падмуркам устойлівага грамадзтва. Датрымліваючыся экалягічна- і сацыяльна-арыентаваных прынцыпаў, мы можам збудаваць захапляльныя, прыгожыя ды гарманічныя асяродкі, разьлічаныя на чалавека. Ствараючы асяродкі, арыентаваныя на пешаходаў і дружалюбныя для ровараў, мы можам вярнуць будзённую фізычную актыўнасьць у жыцьці людзей. Мы можам зрабіць пункты прызначэньня дасягальнымі для дзетак, старых, бедных ды людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Ператварыць існуючыя вёскі, мястэчкі й гарады ў больш прыемныя месцы для жыцьця і працы, са здаровай шчыльнасьцю насельніцтва і блізінёй жылых дамоў, крамаў, месцаў працы і культурных аб'ектаў. У той самы час мы можам мінімалізаваць нашае ўзьдзеяньне на прыроду праз радыкальнае зьмяншэньне нашага ўнёску ў спажываньне нафты і зьмену клімата.

У дадатак да разбудовы безаўтамабільных супольнасьцяў мы будзем працаваць над тым, каб удасканаліць і зрабіць больш жыцьцяздольнымі тыя альтэрнатывы, што існуюць у кантэксце сённяшняй аўтамабільнай залежнасьці. Мы зьбіраемся прапагандаваць альтэрнатыўную транспартную інфраструктуру, якая фізычна заменіць сабою шматпалосныя аўтадарогі й месцы паркоўкі з мэтай адчувальнага зьмяншэньня аўтамабільнага руху і забруджваньня асяроддзя аўтамабілямі. Мы будзем праводзіць кампаніі супраць плянаў будоўлі новых дарог, пашырэньня дарог і новых парковачных збудаваньняў. Адкнак мы падкрэсліваем, што грамадзкае і экалягічнае здароўе ня можа быць дасягнута проста праз меншае выкарыстаньне аўтамабіляў ці пераход на "больш зялёныя" аўтамабілі - гэта зьмяншае забруджваньне, але пакідае некранутай заснаваную на аўтамабілі форму горада, зь ейнымі стандартамі непамернага спажываньня і выкарыстаньня энэргіі.

У пошуках альтэрнатываў нашай цяперашняй сыстэме індустрыялізаванага перасоўваньня канцэпцыя доступу праз блізіню [6] можа быць значна больш прымальнай, чым канцэпцыя мабільнасьці. Мы часта забываем, што чалавечыя паселішчы былі створаныя дзеля таго, каб максымізаваць магчымасьці для ўзаемадзеяньня - каб сабраць людзей і пункты прызначэньня ў адно, і мінімізаваць патрэбы у перавозцы людзей і рэчаў. Таксама - у дадатак да прапаганды альтэрнатыўнага транспарту - мы будзем працаваць над ператварэньнем мёртвых, пустых, запоўненых аўтамабілямі прастораў у такія пункты прызначэньня, як крамы, месцы працы, месцы сходаў і тусовак, пляцоўкі для гульняў, паркі й камунальныя сады. Выкарыстоўваючы безаўтамабільныя дні, тыдні "Роварам на працу" ды іншыя інавацыйныя праграмы, мы будзем працаваць разам, каб зрабіць тыя месцы, дзе мы жывем, больш прыдатнымі для жыцьця і стварыць шырокую грамадзкую падтрымку транспартнай рэформе.

-------------------------

1. Асацыяцыя амэрыканскіх вытворцаў аўтамабіляў (American Automobile Manufacturers Association, AAMA), World Motor Vehicle Data 1993 (AAMA, Washington, D.C., 1993), p. 23 і American Automobile Manufacturers Association (AAMA), Motor Vehicle Fact and Figures 1996 (AAMA, Washington, D.C., 1996), p. 44. Разьмешчана на World Resources 1998-1999, выраблена інстытутам сусьветных рэсурсаў (The World Resources Institute), Праграмай разьвіцьця ААН (UNDP), Праграмай навакольнага асяроддзя ААН (UNEP) і Сусьветным банкам.

2. Адміністрацыя інфармацыі аб энэргіі ЗША (US Energy Information Administration), афіцыйная статыстыка энэргіі ўраду ЗША, агулам за 2002; Табліца 4.6: Сусьветны попыт на нафту (World Oil Demand), 1970-2002. Дадатковая заўвага: Транспартны сектар адказвае за амаль 60% спажываньня гаручага ў краінах OECD - 68% у Злучаных Штатах (Сусьветны агляд энэргіі 2002, Міжнародная агенцыя энэргіі [World Energy Outlook 2002, International Energy Agency]; US Energy Information Administration, лічбы на 2001). Таксама глядзі US Energy Information Administration, Міжнародны агляд энэргіі 2000 (International Energy Outlook 2000).

3. Чыстая машына (The Clean Machine), дакумэнтальны фільм, выраблены TV Canada для CBC, рэжысэр Дэбі Гудвін (Debi Goodwin), 27 лістапада 1997.

4. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (World Health Organisation), травень 2003; лічба за 2000, перададзена Reuters 12 траўня 2003.

5. Папярэджаньне траўматызму ад дарожнага руху (Road Traffic Injury Prevention), Сусьветная арганізацыя аховы здароўя. Падзел на 365 дзён у год мае вынікам прыкладную лічбу ў 30,000 сур'ёзных дарожных траўмаў у дзень у сьвеце. Зрэшты, ў сваёй рэзалюцыі (resolution) "Бясьпека дарожнага руху і справядлівасьць аховы здароўя: Заклік да дзеяньня" канфэрэнцыя "Бясьпека дарожнага руху і справядлівасьць аховы здароўя" (10-12 красавіка 2002, Кэмбрыдж, Масачусэтс, ЗША) згадвае большую сусьветную лічбу ў 20 міліёнаў дарожных траўмаў і калецтваў.

6. Доступ праз блізіню (access by proximity) - тэрмін, створаны Рычардам Рэджыстэрам (Richard Register) з "Будаўнікоў Экагораду" (Ecocity Builders), Берклі, Каліфорнія, ЗША. Іншымі словамі, замест садзеяньня перавозкам (пасажыраў) паміж пунктамі прызначэньня, якія ўсё больш аддаляюцца адно ад аднаго, мы можам памясьціць людзей і пункты прызначэньня бліжэй - праз павелічэньне шчыльнасьці; зьмяшчэньне крамаў, месцаў працы і месцаў жыхарства разам у адных будынках і раёнах; і зьмяншаючы шырыню дарог ды інфраструктуру перавозак.