Settings, Log in
Статут сеткі “За сьвет без аўтамабіляў”

Наўздагон да папярэдняй публікацыі вывешваю і статут WCFN. Як бачыце, зусім дэмакратычны.

WORLD CARFREE NETWORK

СТАТУТ

Артыкул 1. Назва

Міжнародная асацыяцыя – Сетка “За сьвет без аўтамабіляў” (далей па тэксьце - сетка) гэтым ствараецца.

Артыкул 2. Праўны статус

а) З-за немагчымасьці законна зарэгістравацца ў якасьці міжнароднай некамэрцыйнай арганізацыі ў Чэскай Рэспубліцы, Сетка “За сьвет без аўтамабіляў” як цэлае ня мае на цяперашні момант праўнага статуса. Шляхі да атрыманьня гэтага статуса мусяць быць знойдзеныя.

б) Аддзяленьне Сеткі “За сьвет без аўтамабіляў” у Чэскай Рэспубліцы (“World Carfree Network - Czech Republic”, былыя “Car Busters”) ёсьць зарэгістраванай чэскай некамэрцыйнай арганізацыяй, якая на цяперашні момант дзейнічае як Міжнародны каардынацыйны цэнтар сеткі.

Артыкул 3. Праграмная заява

Сетка “За сьвет без аўтамабіляў” ёсьць цэнтрам глябальнага безаўтамабільнага руху, які спрыяе распаўсюду альтэрнатываў аўтамабільнай залежнасьці і (з)арыентаванаму на аўтамабіль плянаваньню на міжнародным узроўні і працуе над такім зьмяншэньнем чалавечага ўздзеяньня на прыроднае асяроддзе, якое адначасова паляпшала б якасьць жыцьця для ўсіх.

Артыкул 4. Мэты і шляхі дасягненьня

а) спрыяць распаўсюду прымальных для грамадзтва і прыроды альтэрнатываў аўтамабільнай залежнасьці і (з)арыентаванаму на аўтамабіль плянаваньню – пешай хады, ровару, грамадзкага транспарту, і ў выніку трансфармацыі гарадоў, мястэчак і вёсак у прыстасаваныя для чалавека пешаходныя асяроддзі, поўныя грамадзкай прасторы й супольнага жыцьця;

б) ажыцьцяўляць абмен інфармацыяй, уменьнямі, рэсурсамі й практыкай з безаўтамабільным рухам, і спрыяць такім чынам абмену, супрацоўніцтву, цярпімасьці й паразуменьнью, пераадольваючы нацыянальныя межы й моўныя бар'еры;

в) прадастаўляць мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным арганізацыям, што ўдзельнічаюць у безаўтамабільным руху, магчымасьць выказацца на міжнародным узроўні;

г) даводзіць ідэі безаўтамабільнага руху да тых, хто прымае рашэньні, і да грамадзкасьці; і

д) дапамагаць папулярызацыі і падтрымліваць існыя безаўтамабільныя супольнасьці, а таксама працаваць над утварэньнем новых.

Артыкул 5. Арганізацыі-ўдзельніцы

а) Арганізацыя, што прэтэндуе на ўдзел у сетцы, падпісвае хартыю сеткі і адсылае яе ў Міжнародны каардынацыйны цэнтар (далей па тэксьце – МКЦ), каб афіцыйна далучыцца да сеткі. Праз падпісаньне яна пагаджаецца выконваць як хартыю, так і гэты статут.

б) Пасьля падпісаньня хартыі арганізацыя, што прэтэндуе на ўдзел у сетцы, разглядаецца МКЦ. На працягу 60 дзён пасьля падачы заявы МКЦ вызначае, ці можа арганізацыя стаць часовай арганізацыяй-удзельніцай – грунтуючыся выключна на тым, ці адпавядаюць устаноўкі й практыка арганізацыі устаноўкам і практыцы сеткі. Арганізацыі, якім адмоўлена ў гэтым статусе, могуць зьвяртацца непасрэдна да наступнае Штогадовае агульнае сустрэчы.

в) Штогадовая агульная сустрэча (ШАС) разглядае пераглядае статус сяброўства сапраўдных арганізацый-удзельніц і надае часовым арганізацыям-удзельніцам апошняга года статус поўнага сяброўства.

г) ШАС мае паўнамоцтвы ануляваць сяброўства арганізацый-удзельніц у любым з наступных выпадкаў: - арганізацыя ня здолела падтрымаць мінімальны ўзровень удзелу на працягу апошняга каляндарнага году; - устаноўкі ці практыка арганізацыі супярэчаць хартыі сеткі; ці - дэлегаты ці прадстаўнікі арганізацыі ў значнай ступені й наўмысна зрываюць працэс прыняцця рашэньняў сеткі.

д) Каб падтрымаць свой статус сяброўства, арганізацыя-ўдзельніца мусіць выканаць прынамсі тры з ніжэйпададзеных патрабаваньняў на працягу кожнага каляндарнага года: - распаўсюджваць інфармацыю пра працу і мэты сеткі; - дасылаць навіны і/ці рэпартажы пра кампаніі для публікацый сеткі; - наведваць штогадовую сустрэчу сеткі ці прадстаўляць пісьмовыя прапановы наконт разьвіцьця/скіраванасьці сеткі напярэдадні сустрэчы; - выстаўляць лёга/спасылку арганізацыі-удзельніцы Сеткі “За свет без аўтамабіляў” ("Member Organisation - World Carfree Network") на галоўнай старонцы вэбсайта арганізацыі; - удзельнічаць як каардынатар праекту ці партнэр прынамсі ў адным праекце сеткі.

Артыкул 6. Асобныя актывісты

а) Асобнымі актывістамі ёсьць тыя, хто актыўна ўдзельнічае ў сетцы, але ня ёсьць сябрам арганізацыі-ўдзельніцы. Асобныя актывісты адрозьніваюцца ад удзельнікаў, якія проста плацяць складкі, падтрымліваючы такім чынам сетку фінансава, але не абавязкова ўдзельнічаюць у прыняцьці рашэньняў.

б) Ад асобных актывістаў не патрабуецца падпісваць і дасылаць хартыю, каб стаць удзельнікамі сеткі. Аднак, яны мусяць прачытаць і пагадзіцца з хартыяй сеткі й гэтым статутам.

в) Асобныя актывісты маюць поўнае права распачынаць ці браць удзел у любой дзейнасьці і праектах сеткі.

Артыкул 7. Міжнародны каардынацыйны цэнтар і праекты сеткі

а) Праца сеткі каардынуецца Міжнародным каардынацыйным цэнтрам (МКЦ). Гэтая роля на дадзены момант выконваецца аддзяленьнем Сеткі “За сьвет без аўтамабіляў” у Чэскай Рэспубліцы (“World Carfree Network - Czech Republic”), адрас Kratka 26, 100 00 Prague 10, Czech Republic. Сетка як цэлае захоўвае паўнамоцтвы перадаваць ролю МКЦ іншай арганізацыі ці групе людзей у любым геаграфічным месцазнаходжаньні.

б) Каб адпавядаць нацыянальным законам аб рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацый, МКЦ можа быць арганізацыя, якая мае сваю раду дырэктароў ці адпаведнае юрыдычнае ўтварэньне. Гэтае ўтварэньне не мае якую-кольвек сілу прымаць рашэньні па-над сеткай, але будзе юрыдычнай асобай, адказнай у выпадку юрыдычных канфліктаў ці акцый у краіне, дзе арганізацыя МКЦ зарэгістраваная.

в) Роля Кіраўнічага камітэта – але ня ўласнае рады МКЦ – запэўніцца, што МКЦ выконвае свае фінансавыя, этычныя і зьвязаныя з праектамі абавязкі перад сеткай, і дзейнічае згодна з хартыяй і статутам сеткі.

г) Супрацоўнікі МКЦ дзейнічаюць згодна з заснаваным на кансэнсусе працэсам прыняцьця рашэньняў па ўласным выбары. Супрацоўнікі МКЦ незалежна вырашаюць пытаньні найманьня і звальненьня супрацоўнікаў МКЦ.

д) Першасныя абавязкі МКЦ улучаюць каардынацыю праектаў, пошук сродкаў, адміністраваньне і дапамогу тым, хто адчувае патрэбу ў фінансавых сродках. Праекты, якія патрабуюць каардынаваньня, улучаюць публікацыі й вэбсайт сеткі, Рэсурсавы цэнтар сеткі ды іншыя праекты, якія праводзяцца сеткай як цэлым. МКЦ мусіць рэгулярна запытваць меркаваньні ўдзельнікаў сеткі наконт разьвіцьця праектаў сеткі.

е) Каардынаваньне іншыя праектаў сеткі, як, прыкладам, ШАС, можа быць дэцэнтралізаваным, калі гэта рэальна ажыцьцявіць, прычым каардынатар праекту можа быць незалежным ад МКЦ.

ж) Праектам сеткі лічыцца любы міжнародны праект, зьвязаны з безаўтамабільнай тэматыкай, які выконваецца адной ці больш арганізацыяй-удзельніцай сеткі і/ці асобным актывістам.

з) МКЦ ня мае паўнамоцтваў цэнтралізоўваць раней дэцэнтралізаваны праект, ці вызначаць, што новы праект мусіць быць цэнтралізаваным.

Артыкул 8. Кіраўнічы камітэт

а) Кіраўнічы камітэт сеткі займаецца стратэгічным плянаваньнем, прымае рашэньні на працягу года і задае кірунак працы МКЦ, на падставе ўзгадненьня з арганізацыямі – сябрамі сеткі і асобнымі актывістамі.

б) ШАС, але не Кіраўнічы камітэт, ёсьць адпаведным ворганам для праняцьця найважнейшых рашэньняў, якія маюць дачыненьне да сеткі. Кіраўнічы камітэт можа, аднак, прымаць рашэньні па важнейшых пытаньнях у выпадках, калі адкладаньне да наступнага ШАС будзе мець вынікам празьмерную шкоду для сеткі. ШАС мае ўладу адмяняць рашэньні, прынятыя Кіраўнічым камітэтам.

в) Колькасьць сябраў Кіраўнічага камітэта мусіць быць няцотнай, 7-13 чалавек.

г) У выпадку, калі сябар Кіраўнічага камітэта складае паўнамоцтвы паміж штогадовымі агульнымі сустрэчамі, Дарадчы камітэт прызначае сябра Кіраўнічага камітэта, каб аднавіць поўны склад да канца тэрміну.

д) Сярод сяброў Кіраўнічага камітэту можа быць толькі адзін супрацоўнік МКЦ. Астатнія сябры Кіраўнічага камітэту прадстаўляюць арганізацыі-ўдзельніцы, прычым кожны сябар камітэту прадстаўляе ня болей, чым па адной арганізацыі.

е) Кворум – найменьшы лік сяброў Кіраўнічага камітэту, неабходны, каб прымаць рашэньні – роўны пяці.

ж) Кіраўнічы камітэт будзе намагацца ўтрымліваць геаграфічны і полавы балянс.

з) Сябры Кіраўнічага камітэту абіраюцца на штогадовай агульнай сустрэчы і займаюць пасаду на працягу аднаго года. Кіраўнічы камітэт будзе намагацца да штогадовага абнаўленьня складу. Сябар Кіраўнічага камітэту ня можа займаць пасаду больш, чым два тэрміны запар.

Артыкул 9. Дарадчы камітэт

а) Дарадчы камітэт сеткі, які складаецца з 10-15 шырокавядомых, паважаных асоб у антыаўтамабільным руху, якія выказваюць дадатковыя меркаваньні і, калі тое патрэбна, даюць парады, што не маюць абавязковай сілы, але не ад імя якой-кольвечы арганізацыі-ўдзельніцы.

б) Няма фіксаванага тэрміну заняцьця пасады, але сябры Дарадчага камітэту прызначаюцца і зьмяшчаюцца па рашэньні штогадовай агульнай сустрэчы.

Артыкул 10. Штогадовая агульная сустрэча і прыняцьце рашэньняў

а) Рашэньні, што маюць дачыненьне да сеткі як цэлага, звычайна прымаюцца на штогадовай агульнай сустрэчы (ШАС).

б) Удзел ёсьць адкрытым для ўсіх асобных актывістаў, дэлегатаў арганізацый-удзельніц, супрацоўнікаў МКЦ, сябраў Кіраўнічага камітэту і сябраў Дарадчага камітэту. Як бы тое ні было, ў прыняцьці рашэньняў могуць браць удзел ня больш за пяць дэлегатаў ад адной арганізацыі–ўдзельніцы. Падчас арганізацыі сустрэчы ўсе намаганьні павінны быць прыкладзеныя да таго, каб тыя арганізацыі-ўдзельніцы, якія фізычна ня могуць даслаць сваіх дэлегатаў, таксама былі прадстаўленыя.

в) На ШАС сябры Кіраўнічага камітэту, Дарадчага камітэту і супрацоўнікі МКЦ маюць роўную ўладу ў прыняцьці рашэньняў зь іншымі сапраўднымі удзельнікамі.

г) Рашэньні, якія могуць быць прынятыя толькі на ШАС, улучаюць пераезд МКЦ, роспуск сеткі, увядзеньне складак для арганізацый–удзельніц, умовы аб памерах гэткіх складак і зьмены ў дадзеным статуце.

д) Адмысловы заснаваны на кансэнсусе працэс прыняцьця рашэньняў, які будзе выкарыстоўвацца на ШАС мусіць быць выбраны Кіраўнічым камітэтам найменей за 60 дзён да сустрэчы.

е) Калі гэта дазваляюць фінансавыя ды іншыя сродкі, дзеля правядзеньня сустрэчы можа выкарыстоўвацца дапамога навучаных, спрактыкаваных і неперадузятых арганізатараў.

ж) Кіраўнічы камітэт распаўсюджвае папярэдні плян сустрэчы найменей за 60 дзён да яе сярод усіх арганізацый-удзельніц, асобных актывістаў, сябраў Дарадчага камітэту і супрацоўнікаў МКЦ. Канчатковы плян сустрэчы будзе гэткім жа чынам распаўсюджвацца найменей за 30 дзён да яе.

з) На ШАС вядуцца пратаколы паседжаньняў, якія падпісваюцца сябрамі (новаабранага) Кіраўнічага камітэту.

і) Па-за ШАС, рашэньні стасоўна праектаў сеткі мусяць прымацца каардынатарамі і ўдзельнікамі кожнага праекта адпаведна. Супрацоўнікі МКЦ прымаюць рашэньні стасоўна цэнтралізаваных праектаў (тых, якія каардынуюцца МКЦ).

Артыкул 11. Надзвычайныя агульныя сустрэчы

а) У надзвычайнай сытуацыі Кіраўнічым камітэтам, МКЦ ці Дарадчым камітэтам можа склікацца надзвычайная агульная сустрэча.

б) Паведамленьне аб скліканьні мусіць быў распаўсюджана ворганам, які склікае сустрэчу, сярод усіх арганізацый–удзельніц сеткі найменей за 30 дзён да сустрэчы.

в) Надзвычайная агульная сустрэча вырашае толькі тыя пытаньні, дзеля якіх яна была скліканая. Яна праводзіцца ў адпаведнасьці з тымі ж працэдурнымі правіламі, што і да штогадовай агульная сустрэча.

Артыкул 12. Камунікацыі

Камунікацыя і неафіцыйнае выказваньне меркаваньня/дыскусія адбываюцца ў Інтэрнэт-рассылцы сеткі, на розных міжнародных сустрэчах і іншых канфэрэнцыях. Паведамленьні Кіраўнічага камітэта і пратаколы ўсіх сходаў супрацоўнікаў МКЦ мусяць быць цалкам даступнымі для любога сябра сеткі, які пажадае зь імі азнаёміцца.

Артыкул 13. Роспуск

Сетка спыняе сваё існаваньне па рашэньні ШАС. Гэтае рашэньне можа быць прынятае толькі, калі пытаньне стаяла ў праграме паседжаньня ШАС, і калі праграма была распаўсюджаная загадзя, як апісана ў артыкулы 9. У выпадку, калі ШАС вырашае спыніць існаваньне сеткі, ШАС выбірае спосаб падзелу і перадачы ў карыстаньне маёмасьці сеткі.