Наладкі, Увайсьці
Адбыўся фемінісцкі летнік у Літве
аўтар госьць, дата 2007-08-06 19:01, камэнтараў: 2, зьвязана з: Рэпартаж, Феминизм

3-5 жніўня у Літве прайшоў фемінісцкі летнік. Агулам прысутнічала каля 40 чалавек. Акрамя "мясцовых" з Вільні, Коўна і Паневежіса, было некалькі чалавек з Беларусі, а таксама прадстаўніцы Фінляндыі і ЗША. Прыехалі арганізатары інфашопаў, сябры грамадскіх арганізацый, ўдзельніцы студэнцкіх ініцыятыў, музычных гуртоў.

Летнік прайшоў цалкам на самаарганізацыі, без якой бы тое ні было падтрымкі з боку дзяржавы, карпарацый ці прыватных фондаў. Кожная ўдзельніца прымала ўдзел у гаспадарчым жыцці летніка: можна было выбраць для сябе дапамогу па кухні, прыборку тэрыторыі ці яшчэ нешта. Выбранае месца, хаця і даволі аддаленае ад вялікіх дарог, было дастаткова зацішным, прыгожым і настройвала вельмі пазітыўна - гэта быў старасвецкі парк, аздоблены скульптурамі гаспадыні-мастачкі.

Побыт быў адладжаны: падрыхтавана месца для намётаў, сцэна-тэнт на выпадак дажджу, лавы, каб сядзець падчас дыскусій. У кутку сцэны была чытальня - кнігі і часопісы па гендэрнай тэматыцы, пераважна з віленскага інфашопа. Асаблівую падзяку трэба выразіць ініцыятарам летніка за "зрабі сам"-кухню.

Што тычыцца зьместавага боку летніка, то ў першы і трэці дзень прайшоў трэнінг (толькі для жанчын) аб метадах дамінацыі й супрацьстаяньні ім.

Другі дзень быў цалкам запоўнены дыскусіямі. Яны ішлі на ангельскай, расійскай і літоўскай мовах.

Да жалю, анархісцкі рух у Літве вельмі малады па ўзросце, і таму многія ўдзельніцы/удзельнікі летніка не маглі паўнавартасна далучацца да размоваў, бо часьцяком упершыню чулі набор спэцыфічных тэрмінаў, якімі апэравалі мадэратары дыскусій, не былі "ў кантэксце". Тым не менш, яны бралі слова прынамсі падчас "колаў", калі кожнаму даецца магчымасьць выказацца па нейкім пытаньні.

Падчас першай гутаркі было паднята пытаньне, чым зьяўляецца фемінізм для сучасных актывістаў. Адзінага падыходу так і не знайшлі, але адбылася цікавая перапалка наконт неабходнасьці паходу жанчын ва ўладу ці зьнішчэньня ўсялякіх герархій і ўладаў.

Далей размова ішла пра формы актывізма ў Літве і на Беларусі. Літоўскія таварышы наракалі на тое, што ў маленькай краіне, дзе "ўсе ўсіх ведаюць" людзі баяцца адкрыта выказваць сваю пазыцыю, калі тая супярэчыць дамінуючаму дыскурсу (тут: патрыярхальнаму). Амаль не праводзяцца вулічныя акцыі (прыгадалі забаронены і не адбыўшыся "вясёлкавы" парад). Адной з найбольш яркіх формаў гендэрнага актывізму ёсьць віленскі Ladyfest. Прадстаўнікі некалькіх грамадзкіх арганізацый падзяліліся вопытам сваіх праектаў (напрыклад, кампаній за талерантнасьць ці жаночага антыкрызіснага цэнтра). У сваю чаргу, беларускі бок распавёў пра фестываль "Гендерный маршрут" і Цэнтр гендэрных дасьледаваньняў ЭГУ.

Трэцяя гутарка пасьля двух дакладаў у агульным коле падзялілася на дзьве секцыі. Першая абмяркоўвала палітыку нэалібэралізму, прыручэньне грамадзкіх арганізацый карпарацыямі і ўрадамі і спосабы заставацца незалежнымі ад капіталу і ўлады. Другая секцыя займалася дэканструкцыяй стэрэатыпаў аб "нацыянальных характарах", ускрывала стварэньне ("вынаходніцтва") традыцыі ў мадэрнісцкім грамадзтве.

Адбыўся працяглы перапынак на рухомыя гульні (футбол, валейбол), купаньне ў рачулцы, вячэру, азнаямленьне з літаратурай у чытальні і нефармальныя гутаркі.

Калі ніхто ўжо не чакаў працягу, пачалася чацьвёртая дыскусія - "The hot potato of sexuality". Абмеркаваньне розных "казытлівых" тэмаў (аголенага цела, мастурбацыі, полавай адукацыі для дзяцей, гомасэксуалаў па суседству) вялося сьпярша ў групах па тры чалавекі, а пасьля ў агульным коле. Парадавала свабоднае прамаўленьне думак па самых табуіраваных у нашых грамадзтвах тэмах. Асаблівая падзяка мадэратарам, якія не давалі заснуць удзельнікам (дыскусія завяршылася апоўначы!).

Вечар быў працягнуты сьвяткаваньнем дня народзінаў адной з удзельніц лагеру.

На завяршаючай дыскусіі, якая адбылася ў трэці дзень, падсумоўвалі абмеркаванае раней, ацэньвалі летнік і будавалі пляны на будучыню. Такімі плянамі, у прыватнасьці, сталі выпуск зіна і супрацоўніцтва ў арганізацыі ladyfest'а.

Ёсьць спадзяваньне, што летнік не застанецца тусоўкай без наступстваў, а, наадварот, прынясе плён.

Цэтлікі
Камэнтары